Альгімонт Гальшанскі
Альгімонт Гальшанскі | |
---|---|
Нараджэнне | не пазней за 1350 |
Смерць | не раней за жнівень 1393 і не пазней за кастрычнік 1393 |
Род | Гальшанскія[1] |
Дзеці | Іван Альгімонтавіч Гальшанскі[2] |
Альгімонт Гальшанскі (1-я палова XIV ст. — паміж жніўнем і кастрычнікам 1393) — літоўскі арыстакрат, пачынальнік роду князёў Гальшанскіх.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Напэўна, упершыню згаданы Германам Вартбергам пад 1371 года як «вялікі вяльможа», чый «двор» над ракой Нявежай у Арвістаўскай зямлі разбурыла лівонскае войска Ордэна (deinde Nevese flumen descendendo ab utraque parte usque ad curiam Algeminnen in terra Arvisten, ubi Algeminne, magnus satrapa)[3]. Аднак цэнтр уладанняў Альгімонта, паводле ордэнскіх Die Littauischen Wegeberichte, быў у Гальшанах (Von dannen in Ongemundes hoff Galschan ij mile rum weg)[3].
У 1383 годзе Альгімонт (Angemunt) у свіце вялікага князя Ягайлы браў удзел у перамовах з пасламі вялікага магістра, у канцы 1384 года з іншымі пасламі (Sgergelo, Olgemont et Borizszo duces) едзе ў Кракаў, дзе 18.1.1385 года просіць для вялікага князя рукі каралевы Ядвігі. Таксама Альгімонт, напэўна на пачатку 1389 года, разам з Братошам (Овгимонта и Братоушу) едзе ў Ноўгарад для перамоў з наўгародцамі пра прыняцце на прыгарады князя Лугвена Альгердавіча, брата Ягайлы[4]. У свой час Юзаф Вольф, а следам іншыя даследчыкі адносілі гэтыя згадкі да Івана Альгімонтавіча, быццам называнага паганскім імем бацькі[5]. Але няма падстаў сумнявацца, што ўласна сам князь Альгімонт браў удзел у тых падзеях[6].
У канцы 1380-х — пачатку 1390-х гадоў князь Альгімонт (кнѧз(ь) Ѡлгимонтъ) быў сярод выдаўцоў паручных грамат за баярына Братошу (1387—1394) і князя Жэдзівіда (жнівень-кастрычнік 1393)[6].
Памёр не пазней за кастрычнік 1393 года, калі яго сын князь Іван атрымаў кіеўскае намесніцтва ад вялікага князя Вітаўта[7].
У Кіева-Пячэрскім памянніку (канец XV — пачатак XVI ст.) ёсць запіс «Княз Олгимонта, нареченного в святом крещении Михаила, а в иноцех Евфимия», але гэтую згадку, запісаную болей праз стагоддзе па смерці Альгімонта, лічаць ненадзейнай[8].
Беларуска-літоўскія летапісы XVI ст. згадваюць кіеўскага намесніка Альгімонта ў часы вялікага князя Гедзіміна, падзеі датаваны 1321 годам і цяпер іх лічаць сумнеўнымі, але ў кожным разе названы Альгімонт можа быць толькі іншай асобай. Тыя самыя летапісы часта называюць Альгімонта сынам Міндоўга Гальшанскага, а яго сынам легендарнага Гольшы, у Еўраінаўскім летапісе сам Альгімонт названы сынам Гольшы.[9] Тым часам крыніцы XIV ст. пад 1331 годам згадваюць кіеўскага князя Фёдара[8].
Мацей Стрыкоўскі згадвае таксама наваградскага князя Альгімонта ў XIII ст., сына міфічнага Тройната і бацьку міфічнага Рынгольда, калі гэтыя звесткі і мелі рэальную аснову, то храналагічна гэта можа быць толькі яшчэ адзін Альгімонт, ён і не названы Гальшанскім, і яго сувязь як з Альгімонтам Гальшанскім, так і з легендарным Альгімонтам Гольшавічам не прасочваецца.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 94–95.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 95.
- ↑ а б Polechow, Butyrski 2018, p. 450.
- ↑ Polechow, Butyrski 2018, p. 451.
- ↑ Wolff 1895, p. 94-95.
- ↑ а б Polechow, Butyrski 2018, p. 452.
- ↑ Polechow 2020, p. 78.
- ↑ а б ЭнцВКЛ 2005, с. 491.
- ↑ Шабульдо 1987, с. 90-91.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Polechow S., Butyrski M. Pieczęć kniazia Iwana Olgimuntowicza Holszańskiego // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Białystok: 2018.
- Polechow S. Poręczenie za kniazia Żedywida a wydarzenia lat 1392–1393 w Wielkim Księstwie Litewskim // Zapiski Historyczne. — 2020. — Т. 85. Zesz. 3.
- Šedvydis L. Dukes of Holszany in Kiev from early 14th century to year 1430 // Князівства Галицької і Волинської земель в міжнародних відносинах XI—XIV століть. — Kraków: 2012. — С. 158.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895.
- Насевіч В. Гальшанскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 491—493. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: Наукова думка, 1987. — С. 90-91.